ВАЛЮ́МІНА ЛЕ́ГУМ

(лац. Volumina legum збор законаў. Другі тытул: «Prawa, konstytucye y przywileie Królestwa Polskiego, y Wielkiego Xięstwa Litewskiego, y wszystkich prowincyi nalezących, na walnych seymach Koronnych od seymu Wiślickiego roku pańskiego 1347 aż do ostatniego seymu uchwalone»),

шматтомны збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і інш. заканад. актаў, якія дзейнічалі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793—95. Змяшчае без каментарыяў акты на польск. і лац. мовах, узятыя з арыгінальных крыніц і з прац асобных аўтараў. Выданне неафіцыйнае і не з’яўляецца поўным зборам законаў. Прызначалася для практычнай арыентацыі ў заканад. матэрыяле юрыстаў, службовых і інш. асоб. Упершыню т. 1—6 (акты 1347—1736) выдадзены ордэнам піяраў у Варшаве ў 1732—39, т. 7—8 (акты 1764—80) — у 1782. Гэтыя 8 тамоў перавыдаў у 1859—60 у Пецярбургу І.П.Агрызка. У 1889 у Кракаве выйшаў т. 9 (акты 1782—92), у 1952 у Познані — т. 10 (з матэрыяламі Гродзенскага сейма 1793).

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)